СУ́ЗДАЛЬСКІ СПА́СА-ЯЎФІ́М’ЕЎ МАНАСТЫ́Р,

архітэктурны ансамбль 16—17 ст. у г. Суздаль (Расія), на левым беразе р. Каменка. Першапачатковы драўляны Спаскі манастыр засн. ў 1352 суздальскім кн. Канстанцінам Васілевічам. Гал. яго збудаванне — 5-купальны Праабражэнскі сабор (1564), аздоблены вонкавай размалёўкай 1689 (кастрамскія майстры Г.​Нікіцін, С.​Савін); мае 3 прытворы, аб’яднаныя галерэяй. У 19 ст. да паўн. фасада прыбудаваны прыдзел з цыліндрычным барабанам. У родавай пахавальні сабора магіла кн. Дз.​Пажарскага, над якой у 1885 узведзены маўзалей. На тэр. манастыра цэрквы: Успенская трапезная (1525; найб. ранні ўзор рус. архітэктуры шатровага тыпу); Дабравешчання (пач. 16 ст.), Нікольская (1669) з 2-павярховай трапезнай; 3-ярусная 3-пралётная званіца (16—17 ст.) і палаты архімандрыта (17—18 ст.). Манастыр абкружаны магутнымі крапаснымі сценамі (узведзены ў 1664, даўж. больш за 1 км) з 12 вежамі. С.С.-Я.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Е.​А.​Лаўрэцкі.

Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр. Званіца.

т. 15, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)